Васіль Вітка

Паглядзі на жаўталісты сад.
Вунь ідзе між яблынь лістапад
I зь вялізнага лазовага каша
Прадае падсмажаныя пернікі зямлі
За цану насьпелай медзі ліп,
А лісты шуршаць, шуршаць, шуршаць.

Нехта пальцамі руплівых добрых рук
Ледзь крануўся сеткі павуцінных струн.
Пэўна, хоча пад суладны ціхі шум
Прывітаць, уславіць восені прыход,
Скінуць з плеч цяжар мінулых год
I напоўніць новай радасьцю душу.

Восень, восень!
Тыя песьні, перазвоненыя ўсе,
Адгулі бясьсьледна ў пустацьветавай красе,
Што сьпяваў табе калісь паэт,
Сумаваў,
што згас пурпур параненых вяргінь, –
У жыцьцё прыйшоў другі
Зьдзейсьніць свайго сэрца запавет.

Паглядзі на жаўталісты сад
Вунь ідзе між яблынь лістапад.
Яснай песьняй поўніцца душа, –
Мабыць, ведае, аб чым лісты шуршаць.

1928

Хто там грукае ў акно?
Гэта вы, сінічкі?
Я прачнулася даўно,
Запляла касічкі.

Вось надзену кажушок,
Выбегу на ганак,
З лесвіцы смяту сняжок,
Вынесу сняданак.

Тут халва і тваражок,
Скрылічак каўбаскі,
Цёплы з мясам піражок –
Ешце, калі ласка.

У абед, сінічкі, зноў,
Прылятайце смела.
Ну, а мне – пара дамоў,
Я ж сама не ела.

З аднаго зярнятка малога
Вырастае магутны вяз.
Колькі год яму жыць? Вельмі многа.
Сто і дзвесце — залежыць ад нас.

Колькі год на яго верхавіне
У гняздзе клекатаць буслам?
Гэта самі мы ведаць павінны,
Гэта ўсё падуладна нам.

Колькі раз адлятаць ім у вырай
I вяртацца дамоў у свой час?
Усё залежыць ад нашае шчырай
Дабраты — і ці ёсць яна ў нас.

Лес, і рэчку, і клёкат бусловы,
Чалавечую ўсмешку ўраз
Можна знішчыць адным толькі словам,
Што бяздумна вырвецца ў нас.

Стогнуць пілы, скрыгочуць бульдозеры
Наламана нямала дроў.
I чарсцвее душа ад карозіі
Безадказных, бяздумных слоў.

Іх не возьмеш назад, іх не вернеш.
Камяком боль у горле засох.
I ніколі не ўзыдзе зерне,
Што упала ў бясплодны пясок.

Як вадаспад, пясок сыпучы
Цурчыць струменем пад адхон...
Ён выбег з лесу, стаў над кручай
I так стаіць, усім відзён.

Пад ім шаша няспынным рухам
Шуміць, машынамі гудзе.
— Глядзіце, лось! — А ён і вухам
He варухне, не павядзе.

Як тонкая страла, нацяты,
Рагамі ўпёрся у блакіт.
Такім на памяць ён узяты
I ў бронзе на заказ адліт.

I як далёкі адгалосак,
Дзе славу ён сваю насіў, —
I назвы навакольных вёсак,
I нават прозвішчы — Ласі,

О людзі! — як сказаў бы класік, —
He любіце прыроды вы.
Няхай бы ж ён і ў нашым часе
Стаяў над кручаю жывы.

I, спуджаны гудком машыны,
Зноў кінуцца ў гушчарнік мог
І каля цёмнае яліны
Біў капытамі рыжы мох.

Уначы ля цёплае вярбы,
У лістах стуліўшыся, вясна
Веек не магла падняць ад сна,
Толькі з рэхам жураўлінае трубы
Ранкам прахапілася яна.

Адгрымеў за вёскай крыгалом.
Вылецела з вулею пчала,
І дзяўчынка з гладыша нагбом
Першы сок бярозавы піла.

І такім прыгожым здаўся твар,
Блізкі мне да кожнае сузлінкі,
Сонца сакавіцкага загар
З першаю вясновай рабацінкай.

Нечакана ў гэты ясны час
Сталася на свеце дзіва,
Хоць я з ёю бачыўся не раз,
Ездзіў у начное, на папас, —
Зразумеў упершыню, што быў шчаслівы.

Пакідала нас маленства цішыня,
Казка саступала месца былі,
І адчулі мы: у птушанят
Выраслі ўжо для палёту крыллі.

Значыцца, прышла-такі яна,
Тая, што была жаданай, крэўнай, —
Маразамі скутая вясна,
Казачная, мілая царэўна.

Плача коця на кухнi,
Ад слёз вочкi папухлi.
— Што з табою, мой каток,
Забалеў мо жываток?
— Мяў, — сказаў варкоцiк, —
Не балiць жывоцiк.
У мяне душа баліць —
Як цяпер на свеце жыць?
Як мне жыць у хаце,
Калі хлусіць Каця:
Смятану злізала —
На мяне сказала.

Бясконцай вечнасці хвіліна.
Запомніце яе і зберажыце:
I ты, мая асенняя каліна,
I позні васілёк у спелым жыце.

Як першае прызнанне і ахвяра,
Так нечакана жыта загучала.
I шчасце горкае, і страх, і кара —
Усё злучылася ў адным харале.

Адзін над намі бог — магутны Бах.
Раве арган, бушуе чад палынны,
Сасмяглы пацалунак на губах,
Як вечнасць — неўпатольны, неабдымны.

Каханая, ты ўсім сусветам правіш
Між небам і зямлёй адна.
I кожны колас — паслухмяны клавіш,
А кожная саломіна — струна.

Бясконцай вечнасці хвіліна...
Запомніце яе і зберажыце:
I ты, мая асенняя каліна,
I позні васілёк у спелым жыце.